Паводле Лукаша сьвятое дабравесьце, разьдзел 3

А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані — тэтрархам у Абіліне, пры першасьвятарах Аньне і Каяфе, было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Ярданскіх, прапаведуючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў, як напісана ў кнізе словаў прарока Ісаі, які кажа: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго; усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі; і ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае”». І казаў ён натоўпам, якія прыходзілі хрысьціцца ў яго: «Спараджэньні яхідны, хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад гневу, які надыходзіць? Зрабіце плады, годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: “Бацьку маем Абрагама”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, сьсякаецца і кідаецца ў агонь». І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: «Дык што нам рабіць?» А ён, адказваючы, кажа ім: «Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае». Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: «Настаўнік, што нам рабіць?» А ён сказаў ім: «Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана». Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А нам што рабіць?» І ён сказаў ім: «Нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і задавальняйцеся сваёю платай». І народу, які чакаў і разважаў у сэрцах сваіх адносна Яна, ці не Хрыстос ён, адказаў Ян усім, кажучы: «Я хрышчу вас вадою, але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём. Веялка Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць ток Свой, і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а салому спаліць агнём незгасальным». І шмат іншага дабравесьціў ён народу, навучаючы яго. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата ягонага, і за ўсё, што Ірад зрабіў злога, дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу. І сталася, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, адчынілася неба, і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, кажучы: «Ты — Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне». І меў Ісус, пачынаючы [служэньне], гадоў каля трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Гэліяў, Мататаў, Левіяў, Мэльхіяў, Янаяў, Язэпаў, Мататыяў, Амосаў, Навумаў, Эсьліяў, Нагеяў, Магатаў, Мататыяў, Сэмэяў, Язэпаў, Юдаў, Яанаяў, Рэсаеў, Зэрубабэляў, Салятыэляў, Нэрыяў, Мэльхіяў, Аддыяў, Касамаў, Эльмадамаў, Іраў, Ёсіяў, Эліезэраў, Ярымаў, Мататаў, Левіяў, Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Янанаў, Эліякімаў, Мэлеаяў, Маінанаў, Мататаў, Натанаў, Давідаў, Есэяў, Абэдаў, Боазаў, Сальмонаў, Наасонаў, Амінадабаў, Арамаў, Эсромаў, Пэрэсаў, Юдаў, Якубаў, Ісаакаў, Абрагамаў, Тэрахаў, Нахораў, Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Гэбэраў, Салаў, Каінанаў, Арфаксадаў, Сэмаў, Нояў, Лямэхаў, Мэтушаляхаў, Энохаў, Ярэдаў, Магалялеэляў, Кейнанаў, Эносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.