Паводле Марка сьвятое дабравесьце, разьдзел 15

І адразу раніцою, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату. І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш». І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?» Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся. А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі. Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства. І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды. А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?» Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго. Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу. Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?» Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!» Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне. І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту. І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго. І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!» І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму. І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць. І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны. І прыводзяць Яго на Гальготу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа. І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў. І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць. А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі». І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго. І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны». І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа». Падобна і першасьвятары, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа. Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго. А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай. І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча». А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго». Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу. Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы». Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя, якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім. І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, — прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр, і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.