Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 12

Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань. Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць. Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца. Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных. Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя. Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх. Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць. Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны. Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба. Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае. Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму. Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод]. Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды. З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго. Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду. Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу. Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць. Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць. Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне. Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць. Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў. Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму. Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства. Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі. Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго. Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх. Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная. На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.