Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 18

Свавольны шукае [свайго] жаданьня і кожнай цьвярозай думцы працівіцца. Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць свой розум. Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба. Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай. Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе. Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку. Вусны дурня — ягоная загуба, а мова ягоныя — пастка для душы яго. Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра. Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля. Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы. Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры? высокія. Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу. Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму. Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць. Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня. Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго. Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго. Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі. Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку. З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца. Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя. Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА. Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба. Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.