Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 25

Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды. Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу. Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя. Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне. Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю. Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой, бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае. Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой. Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага, каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая. Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы. Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха. Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго. Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым. Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку. [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў. Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе. Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго. Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства. Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу. Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою, бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе. Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах. Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю. Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам. Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава. Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.