Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 28

Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы. Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная. Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба. Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго. Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё. Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які кры?віць шляхі свае, дарма што багаты. Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго. Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім. Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота. Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго. Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца. Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці. Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду. Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам. Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае. Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго. Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх]. Хто абрабляе сваю зямлю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю. Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не міне пакараньня. Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне. Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго. Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць. Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю. Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны. Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены. Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў. Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.