Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 3

Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае, бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе. Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго, і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей. Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой. Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае. Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты. Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім. Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх, і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном. Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе, бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну. Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне. Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата. Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю. Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава. Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой. Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе. ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам. Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою. Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць. І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй. Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца. Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе, бо ГОСПАД будзе тваім спадзяваньнем і захавае нагу тваю ад пасткі. Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта. Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе. Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна. Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога. Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага з шляхоў яго, бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе. Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе. Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае. Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.