Кніга Псальмаў, псальм 10

Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі? Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага; няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў. Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ. Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. “Няма Бога!” — усе думкі ў яго. Шляхі ягоныя пасьпяховыя ва ўсякі час; суды Твае высока аддалёныя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён. Ён гаворыць у сэрцы сваім: “Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]”. Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком у яго — ліхота і злачынства. Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым, ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сваю сетку; ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонае гіне шмат нешчасьлівых. Ён кажа ў сэрцы сваім: “Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!” Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых! Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: “Ты ня будзеш шукаць [гэтага]”? Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Сваёю. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце. Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго было нельга знайсьці. ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай. Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё, каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!