Кніга Псальмаў, псальм 107

Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора. Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі. Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася. І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць. Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром. Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам, бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі. І Ён спакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі. І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, і вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў. Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек жалезныя засаўкі. Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі. Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці. І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы. Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя! Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх, яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях. Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі, і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее, бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя на марна. І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі. І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх правёў да жаданае прыстані. Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! Няхай вывышаюць Яго ў зграмаджэньні народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго! Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю, і ўрадлівую зямлю — у салёную — за ліхоту тых, што жывуць на ёй. Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў, і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць, і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты. І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны. Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку. Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі. І паднімае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак. Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае. Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!