Кніга Псальмаў, псальм 120

Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне. ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага. Што дасьць табе ды якую карысьць прынясе язык здрадлівы? Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае. Гора мне, што я жыву ў Мэшэка, што я пасяліўся ля намётаў Кедарскіх! Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой. Я — [сам] супакой; ды, як толькі прамоўлю, яны [пачынаюць] вайну.