Кніга Псальмаў, псальм 136

Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Яго! Слаўце Бога багоў, бо на вякі міласэнасьць Яго! Слаўце Пана паноў, бо на вякі міласэрнасьць Яго! Таго, Які Сам робіць цуды вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго: Таго, Які неба ўчыніў з разуменьнем, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які зямлю расьцягнуў па-над водамі, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які ўчыніў сьвяцільні вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго; сонца, каб кіравала днём, бо на вякі міласэрнасьць Яго; месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які пабіў Эгіпет у першародных ягоных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і вывеў Ізраіля спасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; рукою дужаю і рамяном узьнятым, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які мора Чырвонае расьсек, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і правёў Ізраіля пасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і кінуў фараона і войска ягонае ў мора Чырвонае, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які вёў народ Свой праз пустыню, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які пабіў валадароў вялікіх, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і забіў валадароў слаўных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Сыгона, валадара Амарэйскага, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і Ога, валадара Башану, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо на вякі міласэрнасьць Яго; у спадчыну Ізраілю, слузе Свайму, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які ў паніжэньні нашым успомніў аб нас, бо на вякі міласэрнасьць Яго; і выратаваў нас ад прыгнятальнікаў нашых, бо на вякі міласэрнасьць Яго; Таго, Які дае хлеб усякаму целу, бо на вякі міласэрнасьць Яго. Слаўце Бога нябёсаў, бо на вякі міласэрнасьць Яго!