Кніга Псальмаў, псальм 146

Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА! Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую. Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня! Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя. Шчасьлівы той, у каго Бог Якубаў — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага, Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі, Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных, ГОСПАД расплюшчвае [вочы] сьляпых, ГОСПАД падыймае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных. ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае. Валадарыць ГОСПАД на вякі; твой Бог, Сыёне, з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя!