Кніга Псальмаў, псальм 148

Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА з неба, хвалеце Яго на вышынях! Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя! Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі ясныя! Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што па-над нябёсамі! Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо Ён загадаў, і былі створаныя, і паставіў іх на вякі вечныя; даў ім пастанову, і не пераступяць яе. Хвалеце ГОСПАДА з зямлі, цмокі і ўсе бяздоньні, агонь і град, сьнег і туман, вецер бурны, які дзее паводле слова Ягонага, горы і ўзгоркі ўсе, дрэвы пладовыя і кедры ўсе, зьвяры і ўся скаціна, паўзуны і птаства крылатае, валадары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі, юнакі разам з дзяўчатамі, старыя і маладыя. Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо толькі Ягонае імя ўзьвялічанае, слава Ягоная над зямлёю і небам! Ён узьняў рог народу Свайго. Хвала Яму ад усіх багабойных Ягоных, ад сыноў Ізраіля, ад народу, блізкага Яму! Альлелюя!