Кніга Псальмаў, псальм 2

Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае? Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага: “Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!” Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх. І скажа да іх у гневе Сваім і ў ярасьці Сваёй напужае іх: “Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!” Я абвяшчу пастанову: “ГОСПАД сказаў да мяне: Ты – Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе! Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе. Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”. Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі! Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем. Слаўце Сына, каб не разгневаўся, і каб ня зьнішчыў шляху вашага, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею.