Кніга Псальмаў, псальм 20

Кіраўніку хору: псальм Давіда. Няхай ГОСПАД пачуе цябе ў дзень трывогі, няхай абароніць цябе імя Бога Якубавага! Няхай Ён спашле табе дапамогу са сьвятыні і ўмацуе цябе з Сыёну! Няхай Ён узгадае ўсе дары твае і цэласпаленьнямі тваімі няхай насыціцца. Няхай Ён дасьць табе паводле сэрца твайго, і споўніць усе намеры твае, каб мы ўзрадаваліся ў збаўленьні Тваім і ў імя Бога нашага сьцяг паднялі. Няхай споўніць ГОСПАД усе прагненьні твае! Цяпер я ведаю, што ГОСПАД збаўляе Памазанца Свайго; Ён адкажа яму са сьвятога неба Свайго праз збаўчую магутнасьць правіцы Сваёй. Гэтыя [спадзяюцца] на калясьніцы і коней, а мы ўзгадваем імя ГОСПАДА, Бога нашага. Яны пахіснуліся і ўпалі, а мы паўсталі і стаімо проста. Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, і няхай валадар пачуе нас, калі будзем клікаць!