Кніга Псальмаў, псальм 29

Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц! Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ у велічы сьвятасьці! Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі. Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны. Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія, і прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Лібан і Сірыён, як маладых буйвалаў. Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню. Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш. Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: Слава! Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, навекі! ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем.