Кніга Псальмаў, псальм 4

Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давіда. Калі я клічу, адкажы мне, Божа, Праведнасьць мая! Калі я быў ўцісканы, Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю! Сыны людзей, дакуль слава мая зьневажацца будзе, дакуль будзеце любіць марнасьць і шукаць няпраўды? (Сэлях.) Спазнайце, што ГОСПАД аддзяліў багабойнага Свайго; ГОСПАД пачуе, калі буду клікаць да Яго. Дрыжыце і не грашыце! Кажыце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Сэлях) Ахвяруйце ахвяры праведнасьці і спадзявайцеся на ГОСПАДА! Шмат тых, якія кажуць: “Хто пакажа нам добрае?” Узьнімі над намі сьветласьць аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ! Ты даў у сэрцы маім большую радасьць, чым маюць яны, сабраўшы збожжа і віна багата. (Сэлях) У супакоі лягу я і засну, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, адзін даеш мне жыць у бясьпецы.