Кніга Псальмаў, псальм 41

Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Шчасьлівы той, хто гаротных разумее; у дзень ліхі ГОСПАД збавіць яго. ГОСПАД захавае яго і дасьць яму жыць; ён будзе шчасьлівы на зямлі, і Ты не аддасі яго на волю ворагаў ягоных. ГОСПАД умацуе яго на ложку немачы; увесь ложак ягоны Ты пераменіш у немачы ягонай. Я сказаў: “ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною! Вылечы душу маю, бо я саграшыў перад Табою. Ворагі мае кажуць ліхое пра мяне: “Калі ж ён памрэ, і будзе зьнішчана імя ягонае?” І калі хто прыйдзе пабачыць мяне, гаворыць марнае, сэрца ягонае напаўняецца зласьлівасьцю, і як выйдзе, гаворыць [гэта]. Разам [сабраўшыся], шэпчуцца супраць мяне тыя, што ненавідзяць мяне, выдумляючы ліхое на мяне: “Слова нягоднае вылілася на яго; калі ён зьлёг, больш ня ўстане!” Нават чалавек супакою майго, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, падняў на мяне пяту. А Ты, ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною і падыймі мяне, каб я аддаў ім [адплату]! З таго я пазнаю, што Ты зычлівы да мяне, калі вораг мой радасна гукаць ня будзе, але ў беззаганнасьці маёй Ты падтрымаеш мяне і паставіш мяне перад абліччам Тваім на вякі. Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і навекі. Амэн, амэн!