Кніга Псальмаў, псальм 45

Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я выказваю твор мой пра валадара. Язык мой, як пёрка спраўнага пісара. Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў тваіх! Таму дабраславіў цябе Бог на вякі. Падперажы, волаце, паясьніцу мячом тваім, славай тваёю і веліччу тваёю! І ў велічы тваёй мей посьпех, сядзь [пераможна] са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца твая няхай навучыць цябе страху [Божаму]. Стрэлы твае вострыя, народы ўпадуць пад [ногі] твае, яны [скіраваныя] ў сэрцы ворагаў валадара. Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў цябе Бог, Бог твой, алеем радасьці больш за таварышаў тваіх. Усё адзеньне Тваё — [быццам] міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае [граньне] на струнах вяселіць цябе. Дочкі валадароў сярод шанаваных тваіх; сужонка валадара стаіць праваруч цябе ў шчырым золаце з Афіру. “Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. І калі валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад ім, бо ён – пан твой. I дачка Тыру з дарам [прыйдзе] перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. У вопратках рознакаляровых вядуць яе да валадара; дзяўчыны [ідуць] за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе. Іх вядуць у радасьці і весялосьці, і ўваходзяць яны ў палац валадара. Замест бацькоў тваіх будуць сыны твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. Я зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць цябе на вякі вечныя.