Кніга Псальмаў, псальм 49

Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм. Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага! Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя. Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя. Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю: Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне напасьнікаў маіх, якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца? Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу, (Вельмі дарагая цана за іх душу, дык зрачыся гэтага [мусіць] навекі), каб ён жыў назаўсёды і ня ўбачыў парахненьня. Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё. Думкі іхнія, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі. Але чалавек у славе доўга трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, што на зарэз. Гэткі шлях іхні, тых, што пэўныя сябе, і тых, у вуснах чыіх яны даспадобы. (Сэлях). Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе. Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях). Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага: бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім. Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе, ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла. Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, што на зарэз.