Кніга Псальмаў, псальм 50

Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго. З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог. Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго – бура вялізарная. Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго: “Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!” І будуць тады нябёсы апавядаць справядлівасьць Ягоную, бо Сам Бог [ёсьць] Судзьдзя. (Сэлях) Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог, — гэта Я! Не за ахвяры твае буду вінаваціць цябе: цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды! Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх, бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі [ходзіць] па горах. Я ведаю ўсе птушкі ў гарах, і зьвяры палявыя перада Мною. Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і што напаўняе яго. Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў? Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае. І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне. А да бязбожніка сказаў Бог: “Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх, і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш? Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая. Вусны свае расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае. Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй. Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю [твае справы] перад вачыма тваімі”. Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў [вас], бо ня будзе каму вызваліць. Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае.