Кніга Псальмаў, псальм 52

Кіраўніку хору. Навучаньне Давіда, калі прыйшоў Даэг Эдомец, і паведаміў Саўлу, і сказаў яму: “Давід прыйшоў у дом Абімэлеха”. Навошта хвалішся злачынствам, волаце? Міласэрнасьць Божая кожны дзень [трывае]! Загубу выдумляе язык твой; як брытва вострая той, які здраду ўчыняе! Ты любіш ліхое больш, чым добрае; хлусьню гаворыш, а ня тое, што праведнае. (Сэлях) Любіш усе словы шкадлівыя, о, язык падступны. Дзеля гэтага Бог скрышыць цябе назаўсёды, схопіць цябе, і вырве цябе з намёту, і выкараніць цябе з зямлі жывых. (Сэлях) І ўбачаць праведнікі, і будуць баяцца, і будуць сьмяяцца з яго: “Вось чалавек, што ня Бога меў сабе апорай, і спадзяваўся на мноства багацьця свайго і ўмацоўваўся ў сваёй зласьлівасьці”. А я, як аліўка зялёная ў доме Божым, спадзяюся на міласэрнасьць Божую на вякі вечныя. Буду славіць Цябе на вякі за тое, што Ты ўчыніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо Ты добры адносна багабойных Тваіх.