Кніга Псальмаў, псальм 55

Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда. Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго! Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною. Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне; страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне. І я сказаў: “Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў! Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні. (Сэлях) Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай! Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе. Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго. Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада. Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта] — ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічаецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся, але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой, з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у дом Божы хадзілі у грамадзе. Няхай зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім. А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне. Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой. Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне. Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях.) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога, руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой; гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя. Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік. І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся!