Кніга Псальмаў, псальм 59

Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць. Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне. Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых. Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ! Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі! Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях) Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола. Вось, пена [спадае] з іхніх вуснаў, у губах іхніх — мячы, бо хто гэта чуе? Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў! Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой! Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі. Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш! Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай злоўлены будуць у фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, што абвяшчаюць. Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях) Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола. Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць. А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго. Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!