Кніга Псальмаў, псальм 61

Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Давіда. Пачуй, Божа, галашэньне маё, зваж на малітву маю! Ад краю зямлі да Цябе клічу, калі зьнемагае сэрца маё; на скалу, што ўзвышаецца нада мною, узьвядзі мяне! Бо Ты быў прыстанішчам маім, вежай моцы маёй супраць ворага. Буду жыць у намёце Тваім вечна, маю надзею пад заслонаю крылаў Тваіх. (Сэлях) Бо Ты, Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў валоданьне тым, што баяцца імя Твайго. Дадай дні да дзён валадара, няхай гады яго [будуць] з пакаленьня ў пакаленьне, Няхай жыве вечна перад абліччам Божым; прызнач міласэрнасьць і праўду, каб захоўвалі яго! Дык буду выслаўляць імя Тваё на вякі, буду спаўняць абяцаньні мае кожны дзень.