Кніга Псальмаў, псальм 62

Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда. Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё. Толькі Ён – скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся. Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе [хочаце] забіць [яго], як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца. Яны толькі і радзяцца, як скінуць [яго] з высакосьці; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях) Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё. Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся. У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу. На Яго спадзявайся ў кожную часіну, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях) Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — няпраўда; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць! Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце! Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога. І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.