Кніга Псальмаў, псальм 73

Псальм Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам! А я — амаль спатыкнуліся ногі мае, ледзь не пакаўзнуліся крокі мае. Бо я пазайздросьціў тым, што хваляць сябе, убачыўшы супакой бязбожнікаў, бо яны не зазнаюць гора аж да сьмерці і добра ўскормлена цела іхняе, нядолі людзкой яны ня маюць, і [кары], як у іншых людзей, няма для іх. Дзеля гэтага атачае шыю іхнюю пыха, ліхадзейства нібы шатамі атуляе іх. Ад тлустасьці павылазілі вочы іхнія, прыходзіць [ім] больш за ўяўленьні сэрца [іхняга]. Яны зьдзекуюцца і гавораць зласьліва; звысака гавораць пра крыўду. Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, а язык іхні па зямлі гуляе. Дык туды і народ Ягоны паварочваецца, і шчодрыя воды выліваюцца на іх. І тыя кажуць: “Як Бог даведацца? І ці мае веданьне [пра гэта] Найвышэйшы?” Вось, гэткія ёсьць бязбожнікі, і ў спакоі вечным зьбіраюць яны багацьці. Дык ці-ж зусім надарма я захоўваў ў чыстасьці сэрца сваё і абмываў у нявіннасьці рукі мае, і білі мяне ўвесь дзень, і каралі мяне кожную раніцу? Калі б я сказаў: “Буду думаць, як яны!”— я б гэтым адрокся ад пакаленьня сыноў Тваіх. І разважаў я, каб зразумець [усё] гэта, і нядоляй гэта [здавалася] ў вачах маіх, аж пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і тады зразумеў канец іхні. Сапраўды, на коўзкім груньце Ты ставіш іх і спасылаеш на пагібель! Як жа імгненна яны спустошаныя, загінулі, счэзьлі ад жаху! Як сном пасьля абуджэньня, Ты, Госпадзе, збудзіўшыся, грэбуеш вобразам іхнім. Бо згоркла сэрца маё і курчыліся ныркі мае, я стаўся дурнем і ня ведаў нічога, і быў перад Табой, як жывёла, але я быў пры Табе заўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю, Ты вядзеш мяне паводле рады Тваёй, і потым возьмеш мяне ў славу [Тваю]. Каго ж я маю ў небе? І на зямлі апроч Цябе мне [ніхто] не даспадобы. Зьнікаюць цела маё і сэрца маё, але Бог — скала сэрца майго і частка мая на вякі. Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, [выракаючыся] Цябе. А для мяне блізкасьць Бога ёсьць дабро [для мяне]; я зрабіў у ГОСПАДЗЕ, Госпадзе маім, прыстанішча маё, каб абвяшчаць усе справы Твае.