Кніга Псальмаў, псальм 86

Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны. Захавай душу маю, бо я багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца. Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень. Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю. Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць. Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго! У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне. Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае. Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца прад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё. Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін. Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; з’яднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго. Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі. Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла. Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны. Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду. Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй! Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.