Кніга Псальмаў, псальм 92

Псальм. Сьпеў на дзень суботы. Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы! Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — ўначы, на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы. Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца. Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае. Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага. Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі! А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны навекі! Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі. І Ты ўзнясеш мой рог, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем. Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае. Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане. Насаджаныя ў доме ГОСПАДА, зелянеюць на панадворках Бога нашага. Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя, каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.