Адкрыццё Яна Багаслова, разьдзел 22

І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці. На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі — дрэва жыцьця, якое дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожны месяц ягоны плод; і лісьце дрэва — дзеля аздараўленьня народаў. І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае — на ілбах іхніх. І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў. І сказаў мне: «Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад, Бог сьвятых прарокаў, паслаў анёла Свайго паказаць слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. Вось, прыходжу хутка. Шчасьлівы той, які захоўвае словы прароцтва кнігі гэтае». І я, Ян, бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца перад нагамі анёла, які паказваў мне гэта. І ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага], бо я — таварыш твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, якія захоўваюць словы кнігі гэтае. Богу пакланіся». І кажа мне: «Не запячатывай словы прароцтва кнігі гэтае, бо час блізкі. Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чыніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца. І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя. Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні. Шчасьлівыя тыя, якія выконваюць прыказаньні Ягоныя, каб была ўлада ў іх на дрэва жыцьця, і каб увайсьці праз брамы ў горад. А вонках — сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман. Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і род Давідавы, зорка сьветлая і ранішняя». І Дух, і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма. Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто дакладзе [нешта] да гэтага, Бог ускладзе на яго плягі, напісаныя ў кнізе гэтай; і калі хто забярэ нешта ад словаў кнігі прароцтва гэтага, Бог забярэ ў яго частку ягоную з кнігі жыцьця, і з гораду сьвятога, і з таго, што напісанае ў кнізе гэтай. Той, Які засьведчыў гэта, кажа: «Так, прыходжу хутка!» Амэн. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе! Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.