Пасланьне да Рымлянаў, разьдзел 3

Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня? Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае. Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую? Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім». А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму. Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет? Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка? І ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх! Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам, як напісана: «Няма праведнага аніводнага; няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога. Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага. Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх. Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы. Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві, зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх, і шляху супакою яны не пазналі. Няма страху Божага перад вачыма іхнімі». А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам, бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх. А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў, праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы, бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае, атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса. Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры. Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону. Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў, бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру. Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.