Пасланьне да Ціта, разьдзел 2

А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню: каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці; каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму, каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей, былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае. Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза, у-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў, у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць, слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца, быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра нас. Слугаў [навучай] падпарадкоўвацца сваім уладарам, у-ва ўсім падабацца ім, не пярэчачы, не прыхоўваючы сабе, але зьяўляючы ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі вучэньне Збаўцы нашага Бога. Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей, якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку, чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы. Гэтае кажы, упрошвай і дакарай з усякім загадам; няхай ніхто табою не пагарджае.