Пасланьне Якава, разьдзел 3

Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём,

бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.

Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.

Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;

гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;

і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;

бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,

а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.

Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.

З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?

Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.

Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.

Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:

гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;

бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.

А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш - чыстая, потым - згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.

А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.