Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 1

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго. Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло. Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет. Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго, тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”». І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?» І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: «Я — не Хрыстос». І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не». Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?» Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая». А пасланыя былі з фарысэяў. І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?» Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце; гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных». Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян. На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету. Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”. І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою». І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім. І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы». На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных. І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!» І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?» Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны. Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос». І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Камень». На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною». Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра. Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту». І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі». Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу». Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе». Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае». І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».