Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 6

Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага. І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых. І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі. А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае. Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?» Казаў жа Ён гэта, спакушаючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць. Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьці дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта». Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: «Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?» Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў. І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў. Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала». Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі. Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет». Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін. Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх. А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер. Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся. Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!» Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі. На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя. Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад. Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса. І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?» Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся. Працуйце ж не дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог». Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?» Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў». Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”». Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба, бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету». Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб». Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі. Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч, бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне. А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень. Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень». Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў», і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?» Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою. Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае. Я — хлеб жыцьця. Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі. Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ. Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету». І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?» Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво. Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне. Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі». Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме. Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?» Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё. Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, што ня вераць, і хто выдасьць Яго. І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім». З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?» Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага. І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога». Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал». Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.