Кніга Псальмаў, псальм 5

Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава.

Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы.

Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе.

Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, - раніцай стану прад Табою і буду чакаць.

Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца;

бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў.

Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае.

А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна.

Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю.

Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе - згубнасьць, горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім.

Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе.

А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё.

Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго.