Псалтыр, глава 77

Пс 77Вучэньне Асафава.Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёюі, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан,і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў,а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.